Днямі беларуска паскардзілася на неадпаведнасць паміж памерам стэйка атлантычнага ласося, фатаграфія якога размяшчалася на рэкламнай улётцы буйной гандлёвай сеткі «Гіпа», і прадуктам, які яна атрымала па факце. Яе публікацыя сабрала звыш 620 тысяч праглядаў у Threads. Увагу на скаргу звярнулі ў тым ліку прадстаўнікі гандлёвай сеткі. Чым скончылася гісторыя, мінчанка расказала 24 сакавіка.
Жанчына паведаміла, што работнікі «Гіпа» забралі дробныя стэйкі ласося, якія ёй даставілі раней, і прапанавалі замену, якая памерамі «рэальна адпавядала заяўленаму» на фота тавару ў рэкламе.
Акрамя таго, ёй паабяцалі памяняць рэкламную выяву прадукту, якая магла ўвесці ў зман некаторых кліентаў, і дадаць у апісанне фактычныя памеры тушкі рыбіны.
«За вырашэнне пытання і прынесеныя прабачэнні стаўлю краме 100 з 10. <…> Шчыра, нячаста сустрэнеш такі паварот падзей, таму я аж пад уражаннем», — прызналася мінчанка.
Пост пра рэакцыю «Гіпа» на сітуацыю таксама «завірусіўся» ў Threads. Менш чым за суткі яго прагледзела больш за 60 тысяч карыстальнікаў. Многія каментатары пахвалілі прадстаўнікоў гандлёвай сеткі за адэкватную рэакцыю на скаргу кліенткі.
«Выдатна, што вырашылася, але хацелася б, каб так вырашалася без усялякай агалоскі, а ў парадку рэчаў», — падзяліўся сваім меркаваннем карыстальнік пад нікам alexey.rms.
Адзін з карыстальнікаў заклікаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю звярнуць увагу на сітуацыю і «разабрацца з нядобрасумленнай рэкламай».
«Ты купляеш прадукт, чакаючы таго, што на малюнку, а атрымліваеш незразумела што. У рэкламе мусіць выкарыстоўвацца рэальны прадукт», — упэўнены avichoo.





